/ / Общественно-политические
16.08.2019

Будзем дабівацца, каб салдатам налічваўся страхавы стаж – дэпутат

Цяперашняя прызыўная кампанія праходзіць як ніколі ажыўлена. Звязана гэта з тым, што ў пачатку жніўня ўступіў у дзеянне Закон «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы». Кажучы інакш, цяпер замацавана правіла адной адтэрміноўкі для працягу навучання. На мінулым тыдні градус напалу быў крыху зменшаны – Міністэрства абароны паведаміла, што для магістрантаў і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, якія паступалі сёлета, правілы гульні застаюцца ранейшыя. Але толькі на гэты год. Разам з тым канчатковую кропку ставіць тут яшчэ рана. Завесу таямніцы крыху прыадкрыў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Мартынаў.

Ігар Мартынаў

– Як доўга сярод парламентарыяў ішла работа датычна змянення колькасці адтэрміновак ад войска?

– Рашэнне было не спантаннае. Дзесьці з канца мінулага года гэта пытанне ўжо сур»ёзна ўздымалася. Быў праведзены аналіз, колькі чалавек прызываецца, а колькі атрымлівае адтэрміноўку і з якіх прычын. І стала зразумела, што пытанне трэба неяк вырашаць.

Падчас гэтай работы вывучаўся і міжнародны досвед. Мы глядзелі, як складваецца сітуацыя з адтэрміноўкамі ў краінах СНД, у нашых геаграфічных суседзяў у Еўропе. Напрыклад, у Літве, дзе быў адноўлены прызыў, колькасць адтэрміновак значна меншая, чым у Беларусі. У нас – 47 відаў і 76 катэгорый. У Расіі – 29 адтэрміновак. У Казахстане – 17 адтэрміновак. Таму ў нас і так іх больш за ўсіх.

– Якія цікавыя прапановы вылучаліся падчас абмеркавання?

– Гучала ідэя ўвогуле ліквідаваць адтэрміноўку па вышэйшай адукацыі. Вярнуцца да досведу, які меў месца ў 1980-я гады. Розныя гучалі думкі, ішлі вельмі ажыўленыя і сур»ёзныя дыскусіі, і шляхам галасавання прыйшлі да таго выніку, які трансфармаваўся ў Закон.

– Ці павялічыцца колькасць ваенных кафедраў? Нядаўна адна з іх была заснавана ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Яна пачне працаваць з 1 верасня. Вядома, што яны дзейнічаюць яшчэ ў 12 установах адукацыі. Але ж застаецца істотная колькасць ВНУ і каледжаў, дзе іх няма.

– Цяпер мы прапрацоўваем пытанне ўводу яшчэ адной ваеннай кафедры. Мяркуецца, што яна з’явіцца ў адным з абласных цэнтраў. Ці патрэбна павялічваць іх колькасць так, каб яны былі ў большасці ўстаноў адукацыі, – гэта ўжо іншае пытанне. Ваенная кафедра ж заўжды ўводзіцца не проста так. Гэтаму папярэднічае аналіз, у якой ступені зараз патрэбны Узброеным Сілам пэўныя ваенна-ўліковыя спецыяльнасці, якія можна атрымаць у грамадзянскіх універсітэтах.

Акрамя таго, цяпер заканадаўча замацавана норма, згодна з якой выпускнік можа выбраць службу па кантракце замест размеркавання. Увогуле ў нас суадносіны салдат тэрміновай службы і кантрактнай – 40 на 60 працэнтаў. Згодна з артыкулам 5 Закона аб воінскім абавязку і воінскай службе апошняя з’яўляецца асаблівым відам дзяржаўнай службы і мае прыярытэт перад іншымі яе відамі. Таму цяпер гэта норма закладзена больш канкрэтна.

– Яшчэ адзін немалаважны пункт зменаў – скарачэнне тэрмінаў абскарджвання. Ваеннае ведамства паведаміла, што гэта было зроблена з-за хітрыкаў некаторай часткі прызыўнікоў.

– Так, яны карысталіся наступнай схемай. Кожны прызыў цягнецца чатыры месяцы – з лютага да мая і са жніўня да лістапада. Праходжанне медыцынскай камісіі звычайна складае каля месяца з улікам усіх дадатковых абследаванняў. Затым прызыўнік атрымлівае рашэнне прызыўной камісіі. Тэрмін абскарджвання ў выпадку нязгоды складаў да месяца. Вось таму некаторыя хітруны наўмысна цягнулі яго ледзь не да апошняга дня, а пасля накіроўвалі скаргу ў абласную або Мінскую гарадскую камісію. Калі і там урачы не знаходзілі падстаў для вызвалення ад прызыву, – вытрымлівалася паўза яшчэ каля месяца, а ў апошні дзень паступаў іск у суд. На час абскарджвання, натуральна, прызыўнік атрымлівае «імунітэт» – у войска яго забраць не могуць. А пасля пачынаўся снежань або чэрвень – і прызыў заканчваўся, а падчас наступнага сітуацыя паўтаралася.

– А ці не паступала прапаноў увесці больш строгі адбор у магістратуру, каб туды паступалі людзі, «заточаныя» больш на навуку?

– Раней магістратура была як навукова арыентаваная, так і практыка арыентаваная. Ад гэтага года магістратура будзе толькі навукова арыентаваная. Рабіць больш жорсткім адбор сэнсу я не бачу. Ужо цяпер сюды будзе паступаць тая катэгорыя, якая мае працаваць на навуку, атрымліваць рэкамендацыі ў ВНУ, працаваць над дысертацыямі паспяхова.

– А як будзе паляпшацца ваенна-патрыятычная падрыхтоўка ва ўстановах адукацыі?

– Сістэма ўжо выбудавана трывалая. У нас стала працуюць у многіх школах адпаведныя класы, пашыраецца кадэцкі рух. У раёнах ствараюцца цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі, каб ужо ў іх вучань мог упершыню дакрануцца да армейскіх будняў. Пытанне насамрэч у іншым – што такое наогул патрыятычнае выхаванне? Гэта вельмі шырокае і сур’ёзнае паняцце – прышчапіць малому гонар за сваю Радзіму. І займацца ім павінны ўсе: бацькі, выхавальнікі ў дзіцячым садку, настаўнікі ў школе... Ваенна-патрыятычнае выхаванне – гэта толькі маленькае адгалінаванне ад гэтага вялікага комплексу, каб даць юнаку азы пачатковай ваеннай падрыхтоўкі для абароны сваёй зямлі. І тут пастаянна шукаюцца новыя метады, каб армія не была для юнака чымсьці загадкавым, з чым ён упершыню сутыкнецца толькі тады, калі атрымае павестку з ваенкамата.

– Якія прэферэнцыі мяркуецца даваць абітурыентам, якія ўжо адслужылі ў войску? Напрыклад, пазачарговае выдзяленне інтэрната – важная рэч. Але толькі для іншагародніх студэнтаў. Для «мясцовых» яно з натуральных прычын неактуальнае.

– Мы зноў будзем уздымаць пытанне, каб налічваўся страхавы стаж за перыяд тэрміновай службы. Ужо ўзгадненне ў многіх дзяржаўных органах атрымана. Гэта тэма вельмі востра стаіць у грамадстве і бурна абмяркоўваецца. Падчас жа паступлення непасрэдна ў ВНУ пры аднолькавай колькасці набраных балаў у абітурыента, які адслужыў, будзе прыярытэт пры паступленні. Разглядаюцца і іншыя прапановы. Думаю, да канца года будзе знойдзены кансэнсус, у якім выглядзе ўсё гэта мець.

– Ваенкаматы праводзяць апытанне прызыўнікоў і звольненых у запас. Можаце падзяліцца яго вынікамі?

– Сярод іншага там ёсць пытанне аб адносінах да службы ва Узброеных Сілах. І трансфармацыя тут вельмі цікавая. 40 працэнтаў апытаных указалі, што хочуць служыць, прыкладна траціна ставіцца да гэтага пытання нейтральна – прызвалі і прызвалі. Рэшта адносіцца негатыўна. Але, можа, тут ёсць момант скажэння пункту гледжання перад прызывам, арыентуючыся на думку «як бы чаго не выйшла»? Тады давайце глядзець вынікі апытання, якое праводзіцца ў ваенкаматах ужо пасля звальнення ў запас. Больш за 80 % адзначаюць, што служба прайшла для іх з карысцю, яны атрымалі і досвед, і змянілі погляды на жыццё. А гэтая лічба кажа сама за сябе.

Валяр’ян Шкленнік, «Звязда», 16 жніўня 2019 г.
(фота – БЕЛТА)